Беларуская Служба

У Польшчы плануюць увесці абавязковае чыпаванне ўсіх катоў

26.03.2026 14:03
Ва ўрадавы законапраект будзе дададзена папраўка, якая прадугледжвае ўсеагульную рэгістрацыю не толькі сабак, але і катоў, паведамляе Rzeczpospolita.
Кот Aleksandr Tarlõkov/pixabay.com/CC0 Public Domain

Як стала вядома газеце Rzeczpospolita, Партыя зялёных падрыхтавала папраўку да ўрадавага законапраекта, якая прадугледжвае ўсеагульную рэгістрацыю не толькі сабак, але і катоў.

Дэпутатка ад Партыі зялёных Малгажата Трач патлумачыла газеце, што галоўная мэта — паменшыць наступствы бяздомнасці катоў, якая з'яўляецца гэтак жа сурʼёзнай праблемай, як і бяздомнасць сабак. На рашэнне паўплывалі таксама рэгламенты ЕС. Рэгламент Еўрапейскага парламента аб дабрабыце сабак і катоў і іх адсочванні ўводзіць абавязковае чыпаванне катоў.

Муніцыпалітэты будуць абавязаны стэрылізаваць і чыпаваць бяздомных катоў. Таксама няўрадавыя арганізацыі, у статуце якіх прапісана абарона жывёлы, атрымаюць права чыпаваць катоў бясплатна.

У Польшчы налічваецца прыблізна 7 мільёнаў катоў, што ставіць краіну ў лік еўрапейскіх лідараў. Па колькасці катоў Польшча займае чацвёртае месца ў Еўропе і другое — па працэнтнай долі хатніх гаспадарак, у якіх ёсць кот — 41 працэнт семʼяў у Польшчы гадуюць ката.

яс